КАРЛ ВЯЛІ́КІ (лац. Carolus Magnus, франц. Charlemagne; 2.4.747—28.1.814),

франкскі кароль (з 768), імператар [800—814], палкаводзец. З дынастыі Каралінгаў (назва ад яго імя). Сын Піпіна Кароткага, унук Карла Мартэла.

Ажыццявіў 53 ваен. паходы (27 узначальваў асабіста) супраць саксаў (772—804 з перапынкамі), лангабардаў (773—774, 776—777), арабаў у Іспаніі (778—779, 796—810), зах.-слав. плямён (789—806), авараў (791—799) і інш. Стварыў вялізную дзяржаву (умацаваў яе граніцы праз заснаванне марак), якая ўпершыню пасля распаду Зах. Рымскай імперыі аб’яднала амаль усе хрысц. краіны Зах. Еўропы (уключала тэр. сучасных Францыі, зах. і паўд. Германіі, паўн. і сярэдняй Італіі, Бельгіі, Нідэрландаў, Аўстрыі, паўн.-ўсх. Іспаніі). Каранаваны як імператар у Рыме папам Львом III (800), пасля чаго лічыўся правадыром усяго хрысц. Захаду (як візант. імператары на Усходзе). Правёў суд. і ваен. рэформы, апекаваўся царквой, садзейнічаў развіццю культуры і асветы (выдаў указ пра абавязковае навучанне дзяцей вольных людзей, пры яго двары існавала акадэмія).

Карл Вялікі. Бронзавая статуэтка. Каля 870(?).

т. 8, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)